КАНСТЫТУЦЫ́ЙНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ, кадэты, к.-д., партыя «народнай свабоды»,

палітычная арг-цыя леваліберальнага кірунку, адна з гал. партый у Расіі ў 1905—17. Аформілася на 1-м (12—18.10.1905, Масква) і 2-м (4—11.1.1906, Пецярбург) з’ездах на аснове арг-цый «Саюз вызвалення» і «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (засн. ў 1903—04) у ходзе рэвалюцыі 1905—07. Сац. склад — інтэлігенцыя, сярэдняя гар. буржуазія і ліберальна настроенае дваранства, а таксама служачыя, настаўнікі, рабочыя і інш. Паводле праграмы выступала за эвалюцыйнае развіццё рас. грамадства, замену самаўладства канстытуцыйнай і парламентарнай манархіяй на ўзор Вялікабрытаніі, мясц. самакіраванне, культ.-нац. самавызначэнне народнасцей, з аўтаноміяй для Польшчы, Фінляндыі і інш. У Дзярж. думе блакіраваліся з акцябрыстамі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіруючая партыя, яе прадстаўнікі ўваходзілі ў склад 3 кааліцыйных кабінетаў Часовага ўрада. Выступала за ліквідацыю двоеўладдзя, скліканне Устаноўчага сходу, правядзенне агр. і нац. рэформ. У кастр. 1906 70 тыс. членаў, у сак. 1917 да 100 тыс. членаў. Лідэры: П.М.Мілюкоў, П.Б.Струвэ, А.І.Шынгароў і інш. Афіц. друкаваныя органы — штотыднёвік «Вестник партии народной свободы» і газ. «Речь»; кадэцкай арыентацыі прытрымліваліся каля 70 цэнтр. і мясц. газет і часопісаў. У 1905—17 адбылося 10 з’ездаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 як праціўнік партыі бальшавікоў падтрымлівала белагвардзейскія ўрады. З 1920 у эміграцыі. На тэр. Беларусі арг-цыі кадэтаў існавалі ў 1905—06 у Магілёве і Пінску, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 да ліст. 1917 іх было больш за 30 (дзейнічалі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, 28 у пав. гарадах і населеных пунктах).

Літ.:

Шелохаев В.В. Идеология и политическая организация российской либеральной буржуазии 1907—1914 гг. М., 1991;

Шардыка І.У. Да пытання аб колькасным і сацыяльным складзе арганізацый кадэцкай партыі на Беларусі ў 1917 г. // Весн. Бел. дзярж. ун-та. Сер 3. 1992. № 3.

І.Ф.Раманоўскі.

т. 7, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)